Намеснікаў пад скарачэнне? Аналізуем Загад Мінпрацы № 65

12 жніўня 2026 года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь выдала Загад № 65, які зацвердзіў Міжгаліновыя нормы колькасці кіраўнікоў і работнікаў, якія забяспечваюць іх дзейнасць (далей – Загад, Міжгаліновыя нормы). Дакумент закрануў важнае для прыватнага бізнесу пытанне: нарматывы суадносін кіраўніцкага персаналу і штатнай колькасці работнікаў арганізацыі.

Ці абавязана камерцыйнае прадпрыемства (ТАА, прыватнае унітарнае прадпрыемства, інш.) мяняць структуру кіравання і скарачаць пасады кіраўнікоў (уключаючы намеснікаў дырэктара), калі іх колькасць не адпавядае паказчыкам Загада?

Разглядаем сітуацыю і даем рэкамендацыі па мінімізацыі карпаратыўных і рэгулятарных рызык.

1. Ці носяць нормы Загада агульнаабавязковы характар для арганізацый прыватнай формы ўласнасці?

У Загадзе, у прыватнасці, замацавана, што:

норма колькасці намеснікаў кіраўніка арганізацыі сферы паслуг устанаўліваецца ў памеры: 1 штатная адзінка пры штатнай колькасці работнікаў ад 20 да 100 штатных адзінак;

норма колькасці намеснікаў кіраўніка арганізацыі сферы вытворчасці ўстанаўліваецца ў памеры: да 2 штатных адзінак пры штатнай колькасці работнікаў да 300 штатных адзінак.

Пры гэтым для арганізацый з колькасцю работнікаў менш як 100 чалавек дапускаецца па ўзгадненню з органам кіравання гаспадарчым таварыствам або ўласнікам маёмасці павелічэнне нормы колькасці кіраўнікоў усіх катэгорый да 15 працэнтаў ад штатнай колькасці работнікаў арганізацыі.

Абавязкі мяняць структуру кіравання і змяняць штатны расклад пад нормы колькасці кіруючых супрацоўнікаў няма. Чаму?

Права наймальніка на самастойнае рашэнне: Згодна з п. 2 гл. 1 Загада, "рашэнне аб прымяненні норм колькасці прымаецца наймальнікам, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, органам дзяржаўнага кіравання, органам кіравання гаспадарчым таварыствам, уласнікам маёмасці".

Ацэнка рацыянальнасці, а не імператыў: Загад змяшчае міжгаліновыя арыенціры для ўстанаўлення рацыянальных суадносін паміж катэгорыямі работнікаў, што прама выцякае з п. 1 гл. 1 Міжгаліновых норм. Дакумент служыць рэкамендацыйна-метадычным інструментам ацэнкі эфектыўнасці арганізацыйнай структуры, а не нарматыўнай падставай для абавязковага скарачэння штата.

Адсутнасць санкцый: Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае адміністрацыйнай ці іншай адказнасці за неадпаведнасць структуры камерцыйнай арганізацыі замацаваным у Загаде нарматывам.

Калі існуючая сістэма кіравання фармавалася гадамі, забяспечвае выкананне арганізацыяй сваіх гаспадарчых задач і абавязацельстваў (у тым ліку перад дзяржавай, контрагентамі і работнікамі), а функцыі кіравання размеркаваны паміж кіраўнікамі (намеснікамі дырэктара, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў) па адпаведных напрамках дзейнасці ў адпаведнасці з іх службовымі абавязкамі, фармальнае скарачэнне кіраўніцкіх адзінак пад лічбы Загаду можа прывесці да павелічэння кіраўніцкай нагрузкі, збояў у аперацыйнай дзейнасці, зніжэння аператыўнасці прыняцця рашэнняў і парушэнню сістэмы кіравання.

2. Як дзейнічаць камерцыйнай арганізацыі?

Нягледзячы на неабявязковы характар Загаду, ігнараваць яго не варта. Пры правядзенні праверак ці ўнутраных аўдытаў камерцыйным арганізацыям мэтазгодна мець зафіксаваную пазіцыю.

Крок 1. Аналіз кампетэнцыі па Статуце

Праверце кампетэнцыю органаў кіравання ў Статуце вашай кампаніі:

Калі зацвярджэнне і змяненне штатнага раскладу адносіцца да кампетэнцыі дырэктара, асобнага рашэння ўдзельнікаў не патрабуецца, дзеючы штатны расклад працягвае працаваць у штатным рэжыме.

Калі гэтыя пытанні аднесены да кампетэнцыі Агульнага сходу ўдзельнікаў (або Савета дырэктараў), неабходна зыходзіць з паўнамоцтваў адпаведнага органа.

Крок 2. Падрыхтоўка ўнутранага абгрунтавання рацыянальнасці структуры

Рэкамендуецца падрыхтаваць кароткую тлумачальную запіску (ўнутранае абгрунтаванне) аб рацыянальнасці дзеючай структуры, у якой мэтазгодна адлюстраваць:

замацаваны функцыянал за кожным намеснікам кіраўніка і ключавымі начальнікамі аддзелаў;

размежаванне зон адказнасці і спецыфіку тэхналагічных / бізнес-працэсаў;

абгрунтаванне, чаму фармальнае зніжэнне колькасці кіраўнікоў знізіць аператыўнасць і эфектыўнасць кіравання.

Крок 3. Фіксацыя рашэння органам кіравання (рэкамендуецца)

Для мінімізацыі патэнцыйных карпаратыўных спрэчак і кантрольных рызык мэтазгодна вынесці пытанне на разгляд Агульнага сходу ўдзельнікаў / уласніка маёмасці / Савета дырэктараў і зафіксаваць у пратаколе:

«Разгледзеўшы пытанне аб адпаведнасці арганізацыйнай структуры і штатнага раскладу Таварыства палажэнням Загада Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 12.08.2026 № 65, з улікам спецыфікі гаспадарчай дзейнасці Таварыства і функцыяналу кіруючых работнікаў, захаваць дзейную арганізацыйную структуру і штатны расклад без зменаў».

Выснова

Загад Мінпрацы № 65 – гэта не імператыўная дырэктыва для прыватнага бізнесу, а арыенцір для аптымізацыі кіравання і інструмент ацэнкі. Камерцыйныя арганізацыі маюць права захаваць дзейную структуру кіравання, пацвердзіўшы яе рацыянальнасць лакальнымі рашэннямі і абгрунтаваннем спецыфікі сваёй дзейнасці.

______________________________________________________________

Гэты матэрыял носіць інфармацыйны характар, адлюстроўвае прыватную думку і не з'яўляецца юрыдычнай кансультацыяй.
Суправаджальная ілюстрацыя згенеравана ШІ.